Усе беларускамоўныя паслугі на адным сайце
У калекцыі «сваіх» ужо пазначаны 809 месцаў, дзе можна атрымаць паслугі на беларускай мове. Сярод іх крамы, кавярні і іншыя ўстановы. Месцы адзначаюць на інтэрактыўнай карце.
У камандзе сэрвісу svaje.by тры чалавекі, якія дадаюць у каталог ужо вядомыя месцы і запрашаюць карыстальнікаў дадаваць новыя.
Прымаюцца заяўкі і ад бізнесоўцаў, якія ўпэўненыя, што могуць абслугоўваць сваіх кліентаў па-беларуску.
Па звестках арганізатара ініцыятывы, за месяц існавання каталогу людзі з каманды дадалі каля 50 месцаў з беларускамоўным абслугоўваннем, каля 30 — дадаліся самастойна. 35 месцаў пазначаны у Мінску, астатнія — у абласных цэнтрах і іншых гарадах.
Актыўнасць дадання у залежнасці ад рэкламы, звычайна ад 1 да 4 месцаў у дзень. Сайт адчынены да публічнага доступу з 8 верасня.
Арганізатар сайта svaje.by Павел Колас: «Мы не дадаём абы-каго, існуе працэдура праверкі, бізнес павінен умець мінімальна камунікаваць на беларускай мове. Тэлефануем і правяраем. Іншых крытэрыяў няма. Разам з тым, мы маем сістэму водгукаў для карыстальнікаў, калі бізнес прадастаўляе няякасныя паслугі, ці прадае няякасныя тавары, ці завышае кошты, каб карыстальнікі гэта бачылі і рабілі асэнсаваны выбар».
У каталозе ёсць інтэрнэт-крамы, часопісы і выдавецтвы, будаўнічыя паслугі, перакладнікі, вытворцы, а таксама гурткі і адукацыйныя курсы. Гэта каталог прыватны, непалітычны і непартыйны рэсурс. Сярод яго мэтаў — прамоцыя выключна беларускамоўных бізнесаў і стварэнне камфортных умоваў жыцця для беларускамоўных спажыўцоў.