Павел Ганчар

Павел Ганчар — пра 2021: стрымана разлічваем на рост

Источник: Office Life
Расці ці ўтрымаць тое, што ёсць? Развіццё альбо застой? Назапашваць ці аддаваць? Ці ёсць падставы для аптымізму? Свой варыянт прагнозу і планаў на 2021 год у серыі нашых бліц-інтэрв’ю раскрыў генеральны дырэктар ГК ActiveCloud Павел Ганчар.
Павел Ганчар — пра 2021: стрымана разлічваем на рост
Фото: Павел Ганчар

— Раскажыце пра свае бізнес-планы на 2021 год. Ці разлічваеце вы на рост у бягучых напрамках бізнесу? Магчыма, варта проста пратрымацца ў неспакойны час? Ці чакаеце вы падзення? Ці разлічваеце на пашырэнне бізнесу ў новых напрамках?

— Стрымана разлічваем на рост. Спецыфіка бізнеса ActiveCloud — пабудова воблачных альтэрнатыў «жалезным» ІТ-інфраструктурам прадпрыемстваў — па сваёй сутнасці з'яўляецца антыкрызіснай прапановай. Таму калі ўчора да нас на беларускім рынку звярталіся збольшага маладыя кампаніі, у якіх не было залішніх абаротных сродкаў на іх замарозку ва ўласных серверных, то ў бягучых умовах мы чакаем пашырэння попыту. Прыкладна тое самае адбывалася і на другім рынку нашай прысутнасці — расійскім — падчас папярэдняга тамтэйшага крызісу. Таму сур’ёзна рыхтуемся, плануем цэлы шэраг новых прадуктаў. Пытанне толькі, наколькі смела будуць прымацца рашэнні, якімі будуць ІТ-бюджэты, наколькі глыбокімі — змены ў кампаніях, тая самая «дзіджыталізацыя», пра якую шмат гаворыцца ў кантэксце распаўсюду «ўдалёнкі» і паводзінавых змен у пакупнікоў.

— Ці ёсць у вас якія-небудзь асабістыя планы на 2021 год?

— Безумоўна, процьма. Некаторыя з іх залежаць ад рахунку сусветнай барацьбы з ковідам (горы), некаторыя — не, бо звязаныя з Беларуссю: мая ўлюбёная фатаграфічная дакументалістыка плюс нядаўна далучыўся валанцёрам да працоўнай групы этнапраекта STETLFEST. Вангую, што там будзе вельмі цікава. Адукацыя ж — гэта руцінная актыўнасць, яна даўно — a must.

— Кожны бізнэсовец шмат працуе. Адкуль вы чэрпаеце сілы і энергію? Ці ёсць у вас свая методыка, якая?

— Галоўная методыка — не фіксавацца на назапашванні. Энэргія, як, зрэшты, і грошы, не любіць застою. Ты проста адкрыты з абодвух бакоў — і да Бога, і да людзей, і дзейнічаеш адпаведна свайму бягучаму ўзроўню: часам можна выкласціся, аддаць больш, пераключацца на розныя заняткі, а часам трэба сцішыцца і падумаць. То бок ніякіх ноў-хаў, усё даўно вынайдзена, проста не варта быць глухім да сябе і навакольнага жыцця.

— Паводле якога са сцэнараў, на вашу думку, будзе развівацца эканоміка Беларусі ў 2021 годзе? Выберыце адзін з варыянтаў і растлумачце, чаму так:
а) поўны песімізм;
б) асцярожны песімізм;
в) каля нуля;
г) асцярожны аптымізм.

— Выбіраю асцярожны песімізм, але планую з улікам ладнай долі гераізму. Інакш каму мы патрэбныя? Грамадства адназначна перайшло ў чарговую фазу развіцця, але гэты цыкл з пункту гледжання планавання — нават не сярэднетэрміновая перспектыва. Памылка думаць, што на яго можна пакласці ўласныя жаданні хуткіх зменаў да лепшага ці звязаць з канкрэтным чалавекам. Гэта як у той песні, падобна на размову з ясенем, бо жывём па 80 год, а грамадства мяняецца стагоддзямі. Таму варта адкінуць млявасць і дэпрэсію і пачаць шукаць магчымасці ў больш кароткіх прамежках, у тым ліку эканамічныя.


Курс бел. рубля 16.06.2021
Нал. (банки Минска)
покупкапродажа
$12.49302.4980
13.02203.0290
p1003.46003.4700
Б/нал. (НБРБ)
$12.6048
13.0957
p1003.5198