Аляксандр Шастаковіч: размаўляйце па-беларуску — і наша краіна будзе квітнець

Источник:
Office Life
21.02.2022 14:59
Усё меней застаецца прычын для адгаворак у адказ на пытанне: «Чаму вы не размаўляеце па-беларуску?» Створана новая мабільная праграма «Мова PRO», якая дазволіць кожнаму палепшыць і праверыць сваё веданне беларускай мовы і дапаможа ўвесці яе ў паўсядзённы ўжытак любой кампаніі. Пра цікавосткі праграмы і працэс яе стварэння расказаў кіраўнік стартапа «Мова прафесіі» Аляксандр Шастаковіч.

Як працуе праграма

Прызначаная для смартфонаў на Android і Apple праграма «Мова PRO» ўжо ў публічным доступе, яе можна ўсталяваць і навучыцца беларускай мове і правільнаму маўленню на ёй.

— Як працуе? Спампавалі праграму, усталявалі на смартфон, зарэгістраваліся, выбралі патрэбны раздел — і можна вучыцца, — тлумачыць Аляксандр. — Заданні даюцца тэкстам і голасам, выконваць іх трэба голасам, пісаць калі і трэба, то мінімальна. Альбо паўтараеце пэўны выраз, альбо голасам апісваеце тое, што бачыце на выяве. Штучны інтэлект правярае, наколькі ваша маўленне адпавядае ўзору.

Ёсць некалькі радзелаў прафесійнай лексікі — кавярні, запраўкі, IT, кол-цэнтры. Можна вывучыць базавы курс «Асновы». Усё інтуітыўна і зразумела. Прайшоўшы тэст, можна атрымаць сертыфікат, аналаг TOEFL, IELTS, PTE.

Для чаго патрэбна праграма

Стартап «Мова прафесіі» нарадзіўся на падмурку сэрвісу say.by, які дапамагае беларусам даведацца, дзе і ў якіх кампаніях можна атрымаць паслугі на беларускай мове. За тры гады працы say.by выявілася вялікая патрэба ў дзейсным сэрвісе хуткага навучання беларускай мове.

— Мова ў кампаніі прыходзіць альбо па ініцыятыве знізу, альбо па ініцыятыве зверху. Ініцыятыва знізу звычайна зыходзіць ад чалавека, які штодня размаўляе па-беларуску. Як ён звольніўся, то і ншыя перастаюць стасункавацца па-беларуску, бо няма з кім, няма ўзору, саромеюцца зрабіць памылкі ці проста саромеюцца. Пры наяўнасці жадання кіраўніцтва сістэмна працаваць з беларускамоўнымі кліентамі ўзнікае праблема іншага ўзроўню. Паўстае патрэба навучыць адразачку вялікую колькасць людзей размаўляць па-беларуску. І дзе тады ўзяць столькі носьбітаў мовы, каб навучыць жывой гаворцы і правільнаму вымаўленню? Так было, напрыклад, у А-100, кампаніі, якая ўвяла падтрымку беларускай мовы ў штодзённае карыстанне. Мы стваралі сваю праграму, каб людзі маглі і па ўласнай ініцыятыве вывучыць беларускую мову ці ўдасканаліць яе веданне. Але галоўная мэта — дапамагчы кампаніям навучыць супрацоўнікаў.

— Мы прымеркавалі афіцыйны старт праекта да Дня роднай мовы. З гэтай нагоды хацелася б сказаць: размаўляйма на беларускай мове, каб квітнела наша Беларусь!

Падтрымаць стартап могуць беларускія кампаніі, а таксама неабыякавыя людзі, якія хочуць зрабіць яго рэальным не толькі для сваёй прафесіі, але і для ўсёй краіны ўвогуле.

Як стваралася праграма

Больш за шэсць тысяч валанцёраў запісалі каля тысячы гадзін жывога маўлення праз сайт donar.by. Даныя скарыстаны для навучання нейрасетак. Софт створаны з выкарыстаннем адкрытага кода commonvoice.mozilla.org. Такая актыўнасць падняла беларускую мову на высокае месца ў рэйтынгу common voice.

Для захавання даных і забеспячэння працы праграмы задзейнічалі 7 магутных вылічальных сервераў, які выдзеліў адзін са старэйшых беларускіх правайдэраў хостынгу і воблачных сэрвісаў ActiveCloud.

Да праекту ўжо далучыліся піваварная кампанія «Аліварыя», Jet BI, кавярня «Шпаркі Лось», стаматалагічная лякарня «Глорыя» і некаторыя іншыя.

— Мы рухаемся ў бок вялікага скачка ў пашырэнні ўжывання жывой беларускай мовы, — тлумачыць Шастаковіч. — Вельмі хацелася б выйсці на якасна новы ўзровень.

У праекце ўдзельнічае Цэнтр ведаў CLARIN, які дапамагае з апрацоўкай беларускіх тэкстаў і маўлення (K-BLP). Для бясспрэчнай правільнасці падыходу ў ацэньванні будзе задзейнічаны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі — найлепшыя эксперты ў беларускай мове.