Што паглядзець на роднай мове: выбар Office Life
- Источник:
- Ольга Пасияк
Пяць фільмаў, якія падштурхнуць адправіцца ў падарожжа
«Поўнач у Парыжы»
Эрнэст Хэмінгуэй сцвярджаў, што Парыж — гэта свята, якое заўсёды з табой. І наўрад ці нехта будзе спрачацца, што французская сталіца як мінімум выдатны напрамак для вясновага падарожжа, калі горад агорнуты водарам магнолій.
На наш погляд, «Поўнач у Парыжы» менавіта для тых, хто гатовы адправіцца на шпацыр па вулачках самага рамантычнага горада ў кампаніі пісьменніка-летуценніка. Ох, якія знаёмствы нас чакаюць! З тым самым Хэмінгуэем, а яшчэ з Пікаса, Фіцджэральдам, Далі... Неверагодна прыгожы фільм Вудзі Алена ідэальны для таго, каб асвяжыць беларускамоўную лексіку па тэмах гісторыі, літаратуры і мастацтва. А бонусам — знайсці прыгожыя словы для апісання сваіх пачуццяў да каханага чалавека. Пасля тытраў мы не сумняваліся, што Парыж найпрыгажэйшы падчас дажджу, і нават адзначылі некалькі месцаў, якія варта наведаць у гэтым горадзе, асабліва пару-тройку рэстаранчыкаў з гісторыяй.
«Траса 60: дарожныя прыгоды»
Адправіцца ў падарожжа, каб «атрымаць адказ на тое, у чым сэнс твайго жыцця»? Нават сам па сабе такі пасыл гучыць містычна, а калі дадаць сюды важны нюанс — па дарозе, якой не існуе на картах, — гісторыя ўвогуле збівае з ног. Ведаеце, як выглядае сучасны джын ці «несмяротны метыс-валацуга з магічнай сілай»? Звярніце ўвагу на «чырвоны мятлік і трубку ў форме галавы малпы». Дарэчы, мятлік — гэта «галстук-бабочка» па-руску.
З першай і да апошняй хвіліны «Траса 60» прасякнута духам вандровак, авантур і магіі. І, зразумела, напоўнена містычнай лексікай. Ды і як магло быць інакш? Кіно ў свой час узяўся здымаць сцэнарыст «Назад у будучыню» і аматар кніг пра падарожжы Гулівера і прыгоды Алісы ў Залюстроўі. Падчас прагляду не забудзьцеся загадаць жаданне.
«Амстэрдамскі кот»
Чаго мы чакалі ад экскурсіі па сталіцы Нідэрландаў? Казачныя домікі, безліч мастоў, каналаў і цюльпанаў. Але гэта дакументальная стужка прапанавала нам паглядзець на горад вачыма незвычайнага экскурсавода — мясцовага ката. Ён ведае кожны закуток Амстэрдама і ўсё роўна штодзень працягвае здзіўляцца і захапляцца знаёмымі вуліцамі і паркамі.
Нават калі вы некалькі разоў наведвалі Амстэрдам, вам будзе цікава назіраць за клопатамі лысух на гарадскіх каналах і хітрыкамі мафіі чаек, прыгодамі мясцовых пацукоў і перамяшчэннямі вавёрак па спецыяльных мосціках. А трапныя жарты і парады ад ката не толькі прымусяць усміхнуцца, але і добра папоўняць слоўнікавы запас.
«Падынгтан»
Вандроўка з экзатычнага Перу ў даждлівы Лондан? Гучыць авантурна. А калі падарожнік — кемлівы мішка? Галоўнае — узяць з сабой у дарогу мармелад. А лепш — зрабіць з ім бутэрброд і схаваць яго ў капялюш! І быць гатовым да таго, што лонданцы ведаюць 101 спосаб для апісання дажджу.
Прыгоды мішкі Падынгтана ў дзвюх частках — добрыя камедыі для ўсёй сям’і. Выдатная магчымасць не толькі прагуляцца па брытанскай сталіцы і разгадаць некалькі гістарычных таямніц, але і зацікавіць дзяцей беларускай мовай.
«Як Несцерка з кірмаша ехаў»
«Чаму ж мне ня пець, чаму ж не гудзець...». Калі вы раней не чулі гэту народную песню, пасля прагляду мультфільма пра Несцерку гарантавана будзеце яе напяваць.
«Як Несцерка з кірмаша ехаў» — чацвёрты эпізод серыяла пра «беларускага Мюнхгаўзена». Усяго на VOKA іх восем. Але менавіта гэта невялікая вандроўка стала лёсавызначальнай для героя і не пакіне гледача абыякавым. Тут Несцерка сустракае бяздомнага ката, праз якога атрымае на сваю галаву шмат прыгод і падарожжаў, у тым ліку на край свету за заручальным пярсцёнкам. І ў вас дакладна з’явіцца жаданне не толькі паглядзець папярэднія эпізоды, каб ведаць, з чаго гісторыя пачалася, але і сачыць за развіццём сюжэта.
Пяць гісторый для бізнесменаў, якія нахтняюць дзейнічаць
«Шакалад»
Ці пад сілу маленькай шакаладнай краме змяніць жыццё цэлага горада? Прыгожы адказ на гэта пытанне мы знайшлі ў фільме «Шакалад». А яшчэ паказальны прыклад таго, як нават у самых няпростых абставінах можна падабраць правільны падыход да кліентаў. Важны, на наш погляд, бонус — асалода ад сакавітай кандытарскай лексікі.
«Ведзьміна дастаўка»
Магчымасць пажыць сярод людзей за кошт сваіх прафесійных паслуг — сур’ёзны выклік для маладой вядзьмаркі. Гераіня мультфільма вырашае адкрыць уласную службу паветранай дастаўкі, і на гэтым шляху яе чакае цэлы шэраг выпрабаванняў, каб справу пачалі ўспрымаць усур’ёз.
У гэтым казачным сюжэце японскага майстра анімацыі Хаяо Міядзакі нямала карысных парад для стартапераў. Можна і павучыцца на памылках, якія ўласцівы пачынаючым бізнесменам падчас камунікацыі з кліентамі і партнёрамі.
«Знесеныя ветрам»
«Я падумаю пра гэта заўтра. Заўтра будзе новы дзень». Бессмяротная класіка Галівуда пра Скарлет О’Хара — гэта не толькі пра каханне і мудрагелістыя адносіны паміж людзьмі. Яна яшчэ і пра важнасць дома ў нашым жыцці.
Чым кіно цікавае для прадпрымальнікаў? Карысна паназіраць за яскравым прыкладам, як у крызіснай сітуацыі забяспечыць сям’ю і наладзіць уласную вытворчасць.
«Чалавек дажджу»
Эгаістычны малады бізнесмен атрымаў навіну, што яго бацька памёр і завяшчаў практычна ўсю сваю шматмільённую маёмасць іншаму сыну. Сітуацыю ўскладняе тое, што пра існаванне брата, у якога яшчэ і аўтызм, герой карціны нават не падазраваў.
Кранальная гісторыя двух братоў у выкананні Тома Круза і Дасціна Хофмана ў нашай падборцы нездарма. Яна паказвае, як важна знаходзіць баланс паміж працай і сям’ёй, і не судзіць пра сітуацыю і людзей па свайму першаму ўражанню.
«Жалезная ледзі»
Галоўная гераіня фільма — Маргарэт Тэтчэр, знакавая фігура для сусветнай гісторыі. Аўтабіяграфічная драма пра жыццё выбітнага брытанскага прэм’ера здольна натхніць жанчын, якія мараць падняцца па кар’ернай лесвіцы. І ў той жа час падсвяціць падводныя камяні гэтага шляху: наколькі важна гучанне голасу і як на ўсіх уплывае наш імідж. Дадайце сюды некалькі майстар-класаў пра тое, як вырашаць складаныя канфлікты. На выхадзе атрымаем карыснае кіно для менеджэраў.
Дарэчы, менавіта гэты фільм часта фігуруе ў спісе рэкамендацый для тых, хто развівае асабісты брэнд.
Пяць фільмаў пра прафесіяналаў, якія дапамогуць паверыць у сябе
«Рокі»
Натхняльная гісторыя пра баксёра Рокі Бальбоа не мае патрэбы ў прадстаўленні. Прафесійныя спартсмены час ад часу расказваюць у сваіх інтэрв'ю, як марылі быць падобнымі на героя гэтага фільма.
Хутчэй за ўсё, вы глядзелі «Рокі», і не раз, але звярнуцца да вядомага сюжэта па-беларуску — выдатная магчымасць палепшыць свае веды ў спартыўнай лексіцы. У свой час кінастужка нават атрымала «Оскар» як найлепшы фільм.
«Пачні ізноў»
Чым можа абярнуцца выпадковая сустрэча былой нявесты рок-зоркі і экс-кіраўніка музычнага лэйбла? Цікавым праектам, які зменіць жыццё абодвух.
Перад вамі чарговы напамін, як важна на прафесійным шляху верыць у свае сілы і талент, не баяцца рызыкаваць і нават ператварыць вялізны Нью-Йорк у прыватную студыю гуказапісу. Прыгожае кіно для рамантыкаў пра тое, што жыццё здольна даць нам другі шанц як у каханні, так і ў кар’еры.
«Рабакоп»
Быць прафесіяналам і чалавекам — баланс, пра які так важна не забывацца. Навукова-фантастычны фільм Пола Верховена якраз пра гэта: яшчэ адна класіка, на якую цікава паглядзець па-новаму ў беларускамоўнай агучцы. Таму без сумненняў уключаем у спіс фільмаў пра майстроў сваёй справы гісторыю паліцэйскага, які пасля гібелі працягнуў кар’еру ў якасці кібарга-праваахоўніка і захаваў не толькі прафесіяналізм, але яшчэ і чалавечнасць.
«Малая за мільён долараў»
Афіцыянтка, якая марыць стаць баксёрам? Нечаканы сюжэт для спартыўнай драмы. Зразумела, што на такім шляху будзе безліч выпрабаванняў. Чаго варты той факт, што таленавіты трэнер адмаўляецца працаваць з ёй. Але настойлівасць і працавітасць даюць фенаменальныя вынікі. Зразумела, што правіла працуе для розных аспектаў нашай рэчаіснасці. Вось толькі жорсткае спартыўнае супрацьстаянне можа скончыцца бітвай за жыццё.
«Нянькі»
Самы нечаканы фільм нашай падборкі, але ён будзе максімальна карысным для тых, хто асвойвае новы прафесійны кірунак.
Уявіце сітуацыю: двое братоў-блізнятаў, прафесійных бодзібілдараў, атрымалі незвычайную працу. Цяпер яны нянькі-целаахоўнікі ў пляменнікаў крымінальнага аўтарытэта. Да чаго прывядзе такі кар’ерны паварот? За развіццём сюжэта цікава назіраць як дарослым, так і дзецям.
Партнерский материал